Беларуская Служба

Партыю Зянона Пазьняка аштрафавалі за неаплату паслуг міліцыі на «Дзяды»

22.01.2020 16:07
КХП-БНФ абвінавацілі ў парушэнні парадку правядзення масавых мерапрыемстваў.
Ілюстрацыйны здымакsucco/pixabay.com/CC0

Суд Маскоўскага раёна аштрафаваў КХП-БНФ на 50 базавых велічынь (1350 рублёў) за неаплату паслуг міліцыі падчас акцый, прысвечаных дню памяці продкаў «Дзяды». Рашэнне па справе вынесла суддзя Таццяна Мотыль, паведамляе партал naviny.by.

КХП-БНФ абвінавацілі ў парушэнні парадку правядзення масавых мерапрыемстваў (ч. 2 арт. 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях).

Партыя выступіла арганізатарам шэсцяў і мітынгаў ва ўрочышчы Курапаты 3 лістапада і ў Лошыцкім Яры 10 лістапада, прысвечаных дню памяці продкаў «Дзяды». Абедзве акцыі былі дазволеныя Мінгарвыканкамам, але кіраўніцтва партыі не стала заключаць дамову з праваахоўнікамі і не аплаціла паслугі міліцыі па ахове правапарадку.

Намеснік старшыні партыі Юрась Беленькі не адмаўляў, што КХП з'яўлялася арганізатарам гэтых мерапрыемстваў. Ён хадайнічаў аб спыненні адміністрацыйнага працэсу, паколькі, на яго думку, дадзеная сітуацыя рэгулюецца Грамадзянскім кодэксам і ў дзеяннях партыі няма складу адміністрацыйнага правапарушэння.

Таксама ён патлумачыў, чаму дамову аб аказанні паслуг міліцыі не заключалася: «Нам не патрэбна была гэтая паслуга, таму мы яе не бралі. У заяве ў Мінгарвыканкам мы пісалі, што самі забяспечым бяспеку».

вс