Беларуская Служба

Еўрасаюз адмовіўся замарожваць для Беларусі кошт «шэнгену»

23.01.2020 17:06
З 2 лютага 2020 году пачнуць дзейнічаць новыя правілы выдачы шэнгенскіх віз для ўсіх краін, паводле якіх віза падаражэе да 80 еўра.
Flagi państw UE
Flagi państw UEShutterstock.com

Еўрасаюз не будзе замарожваць для Беларусі кошт шэнгенскіх віз на цяперашнім узроўні ў 60 еўра да набыцця сілы візавага пагаднення, паведамілі БелТА ў прадстаўніцтве ЕС у Беларусі. Пра гэта інфармуе Радыё «Свабода».

«Беручы пад увагу абмежаванні ў часе і працэдурныя патрабаванні, павышэнне шэнгенскага візавага збору з 2 лютага 2020 году адмяніць (замарозіць) для грамадзян Беларусі немагчыма», – заявілі ў прадстаўніцтве.

З 2 лютага 2020 году пачнуць дзейнічаць новыя правілы выдачы шэнгенскіх віз для ўсіх краін, паводле якіх віза падаражэе да 80 еўра.

8 студзеня Беларусь і Еўрасаюз падпісалі пагадненні аб спрашчэнні візавага рэжыму – зніжэнні для беларусаў цаны на шэнгенскую візу да 35 еўра і скарачэнні тэрміну выдачы візаў да 10 дзён. Але падпісанне пагадненняў – яшчэ не апошні крок да візаў па 35 еўра. Пасля падпісання абодва пагадненні павінны прайсці працэдуру ратыфікацыі ў Нацыянальным сходзе Беларусі і ў Еўрапарламенце.

МЗС Беларусі заклікаў Брусель «замарозіць» кошт шэнгенскіх візаў на ўзроўні 60 еўра для беларусаў да ўступлення ў сілу пагаднення. Пытанне абмяркоўвалася ў структурах Еўракамісіі.

Пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму набывае моц у першы дзень другога месяца пасля абмену паведамленнямі пра выкананне названых працэдур. Беларускі парламент плануе ратыфікаваць пагадненне на сесіі ў пачатку красавіка. На сайце Еўрасаюзу гаворыцца, што абодва пагадненні могуць набыць моц сёлета ў чэрвені. Да гэтага часу візы для беларусаў будуць каштаваць 80 еўра.

вс