Беларуская Служба

Відэаблогеру далі суткі за пратэсты восьмы раз запар: агулам ён адсядзіць 120 дзён

27.01.2020 19:44
Разгляд справы паводле часткі 3 арт. 23.34 КаАП адбыўся ў судзе Ленінскага раёна Мінска 27 студзеня.
Ілюстрацыйны здымакsucco/pixabay.com/CC0

Суддзя Таццяна Шоцік прысудзіла блогеру Дзмітрыю Казлову, вядомаму пад мянушкаю Шэры Кот, 15 сутак арышту за ўдзел у мінскай акцыі супраць інтэграцыі з Расіяй 8 снежня, паведамляе «Белсат» са спасылкай на праваабарончы цэнтр «Вясна». Гэта ўжо восьмы арышт блогера за апошнія два месяцы.

Разгляд справы паводле часткі 3 арт. 23.34 КаАП адбыўся ў судзе Ленінскага раёна Мінска 27 студзеня.

Сам Казлоў на пасяджэнні не з’явіўся, яго інтарэсы прадстаўляла адвакат. Яна заявіла адвод суддзі, але ён не быў задаволены.

Сведкамі выступілі міліцыянеры Андрэй Ціханаў і Дзмітрый Каранеўскі. Першы адмаўляўся сказаць, як ён апазнаў Казлова. У рапарце было напісана, што асобу блогера вызначыў пазней, але ў судзе Ціханаў сказаў, што пазнаў блогера адразу. Шмат на якія пытанні міліцыянер адказваў «Не памятаю».

Ані Ціханаў, ані Каранеўскі не маглі назваць ніякіх дзеянняў удзельнікаў акцыі, якія парушалі б грамадскі парадак, акрамя таго, што яны там проста знаходзіліся.

Адвакат у выступе звярнула ўвагу суда на тое, што Казлоў рэалізоўваў свае правы, гарантаваныя Канстытуцыяй і Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, але гэта ніяк не паўплывала на вынік суда.

вс