Беларуская Служба

Беларусь гатова набываць нафту па сусветных цэнах

10.02.2020 09:56
Першы віцэ-прэм'ер беларускага ўрада Дзмітрый Крутой раскрыў падрабязнасці нядаўніх перагавораў на вышэйшым узроўні ў Сочы.
Здымак мае ілюстрацыйны характарImage by SatyaPrem from Pixabay/СС0

Беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы, на чым і настойваў беларускі бок, будуць купляць нафту ў расійскіх кампаній па цэнах сусветнага рынку, цытуе словы чыноўніка БелТА.

«Калі гаварыць аб дамоўленасці наконт нафты, нафтавага рынку, то расійскі бок згадзіўся, што беларускія НПЗ будуць купляць нафту па дамоўленасці з расійскімі нафтавымі кампаніямі па цэнах, якія ўстанаўліваюцца на сусветным рынку. Дарэчы, гэтага ж на працягу ўсіх перагавораў не раз патрабавалі наш прэзідэнт, беларускі бок. Што Беларусі не патрэбна ніякіх спецыяльных эксклюзіўных умоў. Мы хочам купляць нафту па сусветных каціроўках, і не горш», – сказаў Дзмітрый Крутой.

Паводле яго слоў, прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін згадзіўся з гэтым падыходам. «Больш таго, ён паабяцаў, што расійскі ўрад акажа ўсялякае садзейнічанне ў нашай рабоце з расійскімі здабыўнымі кампаніямі. Каб пастаўкі нафты на беларускія НПЗ былі менавіта на такіх умовах, аб якіх я сказаў вышэй», – удакладніў першы віцэ-прэмʼер.

Таксама расійскі бок пагадзіўся зняць усе абмежаванні па допуску да транзітнай трубы. У Мінску разлічваюць, што любая кампанія, якой будзе выгадна і цікава працаваць з беларускімі НПЗ, атрымае допуск да трубы, транзіту, паставак праз «Транснафту» як агента.

Беларускія ўлады чакаюць, што павысіцца цікавасць да краіны і рынку з боку больш дробных і сярэдняга ўзроўню субʼектаў, і Беларусь зможа ў хуткім часе заключыць кантракты на пастаўкі сыравіны, – заявіў чыноўнік.

Беларускі службоўца выказаў спадзяванне, што ў хуткім часе нафтавая праблема вырашыцца цалкам.

юл