Беларуская Служба

Лідар АГП Мікалай Казлоў вырашыў удзельнічаць у выбарах адзінага кандыдата ад апазіцыі

11.02.2020 16:27
«Мы не збіраемся моўчкі сядзець і глядзець, як Лукашэнка перапрызначыць сам сябе».
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneshutterstock.com/vepar5

Лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў вырашыў удзельнічаць у выбарах адзінага кандыдата ад апазіцыі. У якасці прэтэндэнта яго вылучыла АГП, подпісы палітык не збіраў - чытаем на сайце Навіны.

«У праймерыз удзельнічаю, каб падняць людзей, паказаць, што альтэрнатыва ёсць, паказаць сваю праграму, паказаць, што байкі ўладаў аб тым, што Лукашэнка – адзіны, хто штосьці можа, гэта няпраўда. За 25 гадоў усё, што змог стварыць Лукашэнка, – гэта жабрацкая карумпаваная краіна, дзе ўся сістэма працятая карупцыяй. Усё, што ён будаваў, будаваў пад сябе, быццам Беларусь яго падворку. Мірыцца з гэтым нельга », – падкрэсліў Казлоў.
Ён нагадаў, што ў выпадку адмовы ЦВК зарэгістраваць адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад дэмсілаў і пры наяўнасці рэпрэсій у дачыненні да актывістаў апазіцыя будзе заклікаць да актыўнага байкоту.

«Мы не збіраемся моўчкі сядзець і глядзець, як Лукашэнка перапрызначыць сам сябе. Самае горшае, што можа быць, – гэта пасіўна сядзець і ігнараваць праймерыз і выбары. Я маю на ўвазе простых людзей, якія больш за ўсіх пакутуюць. Пакуль яны не скажуць «хопіць», беззаконне, якое адбывалася будзе працягвацца », – лічыць лідар АГП.
Мікалай Казлоў – падпалкоўнік запасу, служыў на пасадзе старшага оперупаўнаважанага па асабліва важных справах крымінальнага вышуку, 17 гадоў прапрацаваў у УУС Цэнтральнага раёну Мінска. На парламенцкіх выбарах 2008 года ён выкрыў чальцоў адной з участковых камісій у фальсіфікацыях, далажыў пра гэта начальству, але, не дачакаўшыся рэакцыі, распавёў пра ўсё СМІ і неўзабаве сышоў у запас. У АГП – з 2012 года.

нг