Старшыня праўлення «Газпрома» Аляксей Мілер і пасол Беларусі ў Расіі, колішні першы віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка падпісалі пратакол, у адпаведнасці з якім вызначаны парадак фармавання цэнаў на пастаўкі прыроднага газу – паведамляе Свабода. Кантракт разлічаны да канца бягучага году.
На сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу таксама прысутнічаў міністр энергетыкі Беларусі Віктар Каранкевіч.
Па выніках сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ў Сочы бакі дамовіліся захаваць цану на газ для Беларусі на ўзроўні 2019 году – 127 долараў за 1 тыс. кубаметраў. Аб’ём гэтаксама захаваны – прыкладна 20 млрд кубаметраў.
Мінск у рамках інтэграцыйных працэсаў прасіў знізіць цану амаль удвая, да ўзроўню Смаленскай вобласці. Аднак у Маскве адказалі, што ва ўмовах незавершанасці саюзнага будаўніцтва гэта немагчыма.
Тым часам перамовы па нафце працягваюцца, сыравіну па кароткатэрміновых кантрактах у Беларусь пастаўляюць толькі кампаніі расійскага бізнесоўца Міхаіла Гуцэрыева. Мінск разглядае варыянты альтэрнатыўных паставак.
Свабода/нг