У Беларусь з канікул вярнуліся ўжо 174 кітайскія студэнты, усе яны размешчаны на двухтыднёвы тэрмін у двух санаторна-аздараўленчых установах – у спартыўна-аздараўленчым цэнтры «Брыганціна» БДУ і Мінскім абласным цэнтры медыцынскай рэабілітацыі «Загор'е», паведамляе сайт Навіны са спасылкай на прэс-службу Міністэрства аховы здароўя.
Гаворка ідзе пра студэнтаў, якія не былі ў кантакце з хворымі каронавірусам COVID-19 і не наведвалі эпідэмічна-небяспечныя раёны, а таксама для якіх былі ўжытыя меры карантыну ў КНР, адзначылі ў Міністэрстве аховы здароўя.
Такія ж меры эпідэмічнай бяспекі ўведзены ва ўсіх абласцях краіны, дзе навучаюцца студэнты з КНР, паведамляе ведамства.
Усяго з 28 студзеня па 14 лютага санітарны кантроль прайшло больш за 300 тысяч чалавек, якія перасеклі мяжу Беларусі.
У дадзены момант выпадкі захворвання інфекцыяй, выкліканай каронавірусам COVID-19, у Беларусі не зарэгістраваныя.
нг