Летась у Беларусі кожны чацвёрты білет на цягнікі з нумараванымі месцамі быў аформлены праз інтэрнэт. У цэлым па выніках мінулага года было прададзена 3,2 млн электронных білетаў, што склала 25% ад усіх квіткоў на цягнікі Беларускай чыгункі з нумараванымі месцамі, паведамілі ў прэс-цэнтры магістралі. Пра гэта інфармуе партал газеты «Звязда».
Пры гэтым у снежні мінулага года доля продажу электронных праязных дакументаў вырасла да 30%. Гэта звязана ў тым ліку і з пачаткам шырокага выкарыстання афіцыйнага мабільнага дадатку «БЧ. Мой цягнік», які стаў даступным для запампоўкі на платформах Android і iOS. Таксама на карпаратыўным сайце www.rw.by запрацаваў абноўлены раздзел «Паслугі пасажырам», у якім з'явілася магчымасць аформіць праязныя дакументы непасрэдна пры праглядзе раскладу без пераключэння на іншыя рэсурсы. Па выніках студзеня 2020 года было аформлена больш за 270 тыс. электронных праязных дакументаў на цягнікі з нумараванымі месцамі, доля продажу таксама склала 30 %.
Дадатковым стымулам для выкарыстання новых рэсурсаў стала адмена з 1 снежня мінулага года камісійнага збору пры афармленні электронных білетаў. Гэта значыць, электронны квіток з электроннай рэгістрацыяй цяпер абыходзіцца пасажырам танней, чым пры куплі ў білетнай касе.
Далейшая работа Беларускай чыгункі па ўдасканаленні электронных каналаў продажу праязных дакументаў будзе скіравана на зняцце абмежаванняў па электроннай рэгістрацыі.
вс