Беларуская Служба

Беларускі кіраўнік наведвае Егіпет

20.02.2020 13:50
Лукашэнка натхняецца "разумным горадам будучыні".
Здымак мае ілюстрацыйны характарImage by Tumisu from Pixabay/CC0

Аляксандр Лукашэнка разам з прэзідэнтам Егіпта Абдэль Фатахам ас-Сісі знаёміўся з "разумным горадам будучыні".

Кіраўнікі дзяржаў наведалі будаўніцтва новай адміністрацыйнай сталіцы Егіпта, якая ўзводзіцца за 45 км на ўсход ад Каіра, перадае БелТА.

Канцэпцыя гэтага маштабнага праекту была прадстаўлена некалькі гадоў таму. Егіпецкія ўлады распрацавалі яго, каб вырашыць праблему перанаселенасці Каіра: паводле прагнозных ацэнак, насельніцтва гораду да 2050 года можа дасягнуць 40 млн. Цяпер у Каіры пражывае амаль 10 млн чалавек, у агламерацыі – больш за 20 млн.

Праект рэалізуецца па прынцыпе «разумны горад будучага». У новай сталіцы створаць адміністрацыйны і фінансавы цэнтры Егіпта. Тут размесцяцца асноўныя дзяржаўныя ўстановы, пасольствы, прадстаўніцтвы міжнародных арганізацыяў і замежных кампаніяў.

У горадзе пабудуюць больш за 20 жылых раёнаў на 6,5 млн чалавек, вялікі парк і штучныя азёры, каля 2 тыс. устаноў адукацыі і вялікі тэхнапарк, больш за 600 шпіталяў і медцэнтраў, новы міжнародны аэрапорт і скорасную чыгунку да Каіра. Адкрыццё гораду запланавана на 2020-2021 гады.

Беларускі кіраўнік прыляцеў У Егіпет на першае пасяджэнне Беларуска-егіпецкага савета дзелавога супрацоўніцтва і выстаўку сумесных навукова-тэхнічных праектаў, перспектыўных навуковых распрацовак, высокатэхналагічнай прадукцыі і буйнагабарытнай тэхнікі МТЗ, МАЗ, «Амкадора», «Бабруйскаграмаша», Мінскага маторнага заводу.

юл