Беларуская Служба

Беларускі дзяржаўны канцэрн абʼявіў вайну замежнай вопратцы

02.03.2020 13:04
«Беллегпрам» настойвае на рэгуляванні дзейнасці магазінаў «сэканд-хэнд».
Здымак мае ілюстрацыйны характарImage by coachmetpassie from Pixabay/CC0

Чыноўнікаў непакояць тое, што беларусы набываюць танную замежную вопратку сумнеўнага паходжання на мільёны долараў, піша «Наша Ніва». Канцэрн падлічыў, што летась было завезена тавару па катэгорыі «сэканд-хэнд» на 78 мільёнаў долараў.

Дзяржаўная кампанія настойвае, каб улады ўвялі рэгуляванне дадзенага віду гандлю. Чыноўнікі хочуць дамагчыся закрыцця або вынасу крамаў «сэканд-хэнд» з абласных гарадоў, з буйных гарадоў, з цэнтральных вуліц.

Паводле чыноўнікаў, гэта сумленная канкурэнцыя. Маўляў іх прадпрыемствы вытрымліваюць усе тэхрэгламенты, патрабаванні, правяраюць адзенне на ўсе паказнікі бяспекі. Яны хочуць, каб усе на рынку аналагічна працавалі.

«Беллегпрам» плануе адкрыць сёлета сем мульты брэндавых крам «made in Belarus». Аднак пакуль канцэрн ня мае на гэта грашовых сродкаў. Тым ня менш кіраўніцтва канцэрну перакананае, што Беларусь не можа ператварыцца ў сметнік для б/к адзення.

юл