Нашчадкі рэпрэсаваных і аршанскія актывісты пачалі збор подпісаў пад электроннай петыцыяй за ўстаноўку памятнага знака на адным з месцаў масавых расстрэлаў 1930-х гадоў – у лесе на Магілёўскай шашы, паведамляюць naviny.by.
У выпадку адсутнасці ў райвыканкама сродкаў падпісанты гатовыя ўсталяваць такі знак за ўласныя сродкі пасля ўзгаднення з мясцовымі ўладамі. Збор подпісаў вядзецца ў рамках грамадскай кампаніі «Забітыя, але не забытыя».
Нагодай для звароту стала публікацыя ў інтэрнэце фатаграфій Генеральнага плана Оршы, на якіх лес на Кабыляцкай гары і лес ля Магілёўскай шашы каля вёскі Панізоўе (раней Паддубцы) пазначаныя як месцы меркаваных месцаў масавых пахаванняў ахвяр рэпрэсій 1930-х гг.
Аўтары петыцыі нагадваюць, што інфармацыя аб расстрэлах ўтрымліваецца і ў Акце камісіі прадстаўнікоў савецкіх і адміністрацыйных органаў. Акт быў складзены 20 верасня 1982 гады ў сувязі з выяўленнем на Кабыляцкай гары пры будаўніцтве пад'язной чыгуначнай галіны да заводу ЖБВ брацкай магілы з парэшткамі пяцідзесяці чалавек з кулявымі адтулінамі ў чарапах.
У камісію ўваходзілі прадстаўнікі Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, супрацоўнікі пракуратуры, міліцыі, ваенкамата, лекар судова-медычнай экспертызы горада Оршы.
Камісія паказала, што па ўспамінах старажылаў у перыяд 1937-40 гадоў «лес так званай Кабыляцкай гары быў месцам масавых расстрэлаў ні ў чым невінаватых людзей, гэтак жа, як лясны масіў па Магілёўскай шашы ля вёскі Паддубцы».
У кнізе «Памяць» Оршы і Аршанскага раёна выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя ім. П.Броўкі », выдадзенай у 1999 годзе, таксама паказваецца, што, па сведчаннях сведак, смяротныя прысуды ў перыяд сталінскіх рэпрэсій прыводзіліся ў выкананне ў раёне Кабыляцкай гары і Магілёўскай шашы.
Аўтары петыцыі нагадваюць, што ў канцы 1980-х – пачатку 1990-х Камісія па аказанні садзейнічання ў забеспячэнні правоў і інтарэсаў рэабілітаваных і ўшанаванні памяці ахвяр рэпрэсій у 1920-1950 гадах пры Аршанскім гарвыканкаме даручыла гарадскім уладам усталяваць помнік у лесе на Магілёўскай шашы, аднак гэта рашэнне не было выканана.
На Кабыляцкай гары яшчэ ў 1990-я гады Аршанскі гарвыканкам усталяваў абеліск – вялікі прыродны валун, а у 2018 годзе па просьбе нашчадкаў рэпрэсаваных з грамадскай ініцыятывы «Кабылякі. Расстраляныя ў Оршы» замацаваў на гэтым валуне табліцу з надпісам «Месца памяці і смутку» на чатырох мовах.
Яшчэ ў 1930-40-х гадах блізкія і сваякі ўсталёўвалі ў лесе на Магілёўскай шашы сімвалічныя крыжы і знакі ў памяць аб расстраляных тут савецкіх грамадзянах, але камуністычныя ўлады ўвесь час іх знішчалі.
Восенню 2018 года мясцовыя актывісты паставілі тут драўляны крыж з надпісам «Ахвярам сталінскага тэрору. Расстраляным тут у 1930-я гг». Але гэтай зімой вандалы яго зламалі.
Грамадская кампанія «Забітыя, але не забытыя» стартавала ў студзені гэтага года. Яе задачы – складанне карты месцаў пахаванняў ахвяраў сталінскага тэрору, а таксама збор звестак пра самі ахвяры.
ав