26 сакавіка міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей патэлефанаваў расійскаму калегу Сяргею Лаўрову, паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі. Пра гэта інфармуе «Еўрарадыё».
Макей тэлефанаваў з нагоды расійскага рашэння спыніць як рэгулярныя, так і чартарныя авіязносіны з расійскіх аэрапортаў. Кіраўнік беларускай дыпламатыі папрасіў расійскага міністра не рабіць разрозненняў паміж грамадзянамі Беларусі і Расіі пры эвакуацыі з праблемных краін. Гаворка ідзе ў першую чаргу пра турыстаў, якія вяртаюцца з краін Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёну.
Кіраўнік расійскага МЗС запэўніў, што Расія пастараецца дапамагчы ўсім беларусам і расіянам, якія трапілі цяпер у цяжкае становішча.
Міністры дамовіліся, што ў гэты востры перыяд будзе працягвацца сістэмнае ўзаемадзеянне паміж знешнепалітычнымі ведамствамі дзвюх краін.
Нагадаем, раней у СМІ неаднаразова з'яўляліся паведамленні пра тое, як расійскія авіяперавозчыкі адмаўляюцца браць на борт грамадзян Беларусі.
вс