Суботнік пройдзе 25 красавіка. Гэтае рашэнне зацверджанае пастановай Савету міністраў ад 16 красавіка, паведамляе Радыё «Рацыя», спасылаючыся на Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.
Асабісты ўдзел у рэспубліканскім суботніку возьмуць кіраўнікі дзяржорганаў. Дакументам устаноўлена, што заробленыя ў дзень правядзення рэспубліканскага суботніка грашовыя сродкі пералічваюцца праз раённыя і гарадскія выканкамы ў аблвыканкамы і Мінгарвыканкам.
Варта адзначыць, што Сусветная арганізацыя аховы здароўя рэкамендавала Беларусі ўзмацніць меры дыстанцыявання на фоне распаўсюджвання каранавіруса ў краіне.
«Рэкамендуем узмацніць меры дыстанцыявання, забараніць масавыя мерапрыемствы, забяспечыць каранцін хворых і кантактных асоб», – заявіў кіраўнік экспертнай місіі СААЗ Патрык О’Конар на брыфінгу 11 красавіка ў Мінску. Паводле яго слоў, неабходныя «мерапрыемствы на ўзроўні ўсёй супольнасці, якія могуць запаволіць распаўсюджванне віруса».
Як бачна, рэкамендацыі СААЗ не змянілі планаў беларускай улады па арганізацыі рэспубліканскага суботніка.
эж