Каля 250 чалавек прынялі ўдзел у традыцыйнай акцыі супраць працы завода акумулятарных батарэй ў Брэсце. Падтрымаць актывістаў прыехаў старшыня Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч.
«Гэты завод нясе пагрозу і здароўю, і жыццю тых людзей, Якія жывуць у Брэсце. Я прыйшоў, каб падтрымаць іх абсалютна законныя патрабаванні», – заявіў Юрый Губарэвіч у Брэсце.
Па ягоным меркаванні, каранавірус так жа забівае вялізарную колькасць беларусаў. «Гэтая нябачная зараза, як і выкіды свінца, нясуць рэальную небяспеку», – дадаў палітык.
Пры гэтым, адзначыў Губарэвіч, улады гатовыя рабіць выгляд, што нічога страшнага не адбываецца, гатовыя скажаць статыстыку, казаць, што хворых пакуль не так шмат, а тыя, хто памёр, памерлі з быццам бы натуральных прычынаў.
«Тое ж улады падрыхтавалі для жыхароў Брэста. Калі завод будзе запушчаны і калі ён пачне працаваць, ягоныя выкіды будуць паступова забіваць людзей. Улады будуць па старой звычцы казаць, што праблемаў няма», – падкрэсліў Губарэвіч.
Палітык лічыць, што на ўдзельніках акцый у Брэсце будзе будавацца новая Беларусь. «Яны неабыякавыя, гатовыя рызыкнуць уласнай бяспекай і дабрабытам, выйсці на вуліцы і сказаць: «Хопіць. Дастала жыць у такіх умовах», – заключыў Юрый Губарэвіч.