З Беларусі ў Расію выслалі журналіста Аляксея Кручыніна, карэспандэнта расійскага "Першага канала", паведамляе “Еўрарадыё”, спасылаючыся на расійскі тэлеканал.
Напярэдадні ўся здымачная група была пазбаўлена акрэдытацыі МЗС Беларусі. Адбылося гэта пасля выхаду на "Першым канале" сюжэта пра сітуацыю з каранавірусам у нашай краіне. У ім была крытыка палітыкі беларускіх уладаў. Спачатку гэтым абурыўся Аляксандр Лукашэнка. Пасля стала вядома пра пазбаўленне акрэдытацыі. А ўвечары 6 траўня тэлеканал "Беларусь 1" паказаў сюжэт "Інфармацыйная атака на Беларусь. 7 фэйкаў у адным сюжэце федэральнага канала Расіі".
Расійскі "Першы канал" сцвярджае, што "у чым менавіта заключаюцца прэтэнзіі, у беларускім МЗС не патлумачылі". Ён лічыць дзеянні ўладаў нашай краіны "абсалютна беспадстаўнымі".
Цікава, што Кручынін не атрымаў ніякіх афіцыйных дакументаў (не было зроблена ніякіх адзнак і ў пашпарце). Яму, як грамадзяніну Расіі, загадалі з'ехаць з тэрыторыі Беларусі да апоўначы 6 траўня, што ён і зрабіў. TUT.by звяртае ўвагу, што аператар Сяргей Панасюк, які працаваў з расійскім журналістам, беларускі грамадзянін. Пры гэтым "Першы канал", відаць, памылкова паведаміў і пра яго высылку.
эж