Узровень смяротнасці ад каранавіруса ў Беларусі адзін з самых нізкіх у свеце. У той жа час Беларусь апярэджвае большасць краінаў свету доляй медыкаў сярод памерлых. Кожны дзясяты загінулы ад COVID-19 у Беларусі – медык, перадае «Радыё Свабода». Гэта ў 15 разоў больш, чым у Італіі, і ў 30 разоў больш, чым у ЗША.
У Беларусі няма афіцыйнай статыстыкі пра тое, колькі медыкаў загінула ад каранавіруса. Нягледзячы на рэкамендацыю Сусветнай арганізацыі здароўя публікаваць звесткі пра інфікаваных медработнікаў, Міністэрства аховы здароўя Беларусі штодня падае толькі агульную колькасць хворых і памерлых. Чыноўнікі ніводнага разу не агучылі колькасць ахвяраў сярод медычнага персаналу ў адказ на пытанні журналістаў.
Сярод 14 загінулых чалавек, чые сваякі і калегі пацвердзілі інфармацыю журналістам, у 11 дактароў, фельчараў і медсясцёр быў станоўчы тэст на каранавірус. Паводле афіцыйных звестак, ад наступстваў COVID-19 станам на 7 траўня памерлі 116 чалавек.
эж