Беларуская Служба

Мінску адбудзецца ваенны парад у гонар Дня Перамогі

08.05.2020 08:30
Прадстаўнік СААЗ: Урады, якія перанеслі парады, паставілі здароўе людзей на першае месца.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: marusya21111999/pixabay.com/CC0 Public Domain

"Урады, якія прынялі храбрае рашэнне адкласці або перанесці парады, паставілі здароўе [людзей] на першае месца", — заявіў кіраўнік Еўрапейскага рэгіянальнага бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Ханс Клюге падчас анлайн-брыфінгу, паведамляе БелаПАН.

"Наперадзе ў нас вельмі важны дзень — Дзень Перамогі, 9 Мая, — сказаў ён. — Мы ў рэгіянальным офісе з вялікай павагай ставімся да гэтай даты. Але цяпер час для таго, каб знайсці альтэрнатыўныя рашэнні для святкавання і не рызыкаваць чалавечымі жыццямі".

Клюге адзначыў, што 43 краіны ў еўрапейскім рэгіёне ўвялі лакальныя абмежавальныя меры або поўны каранцін для барацьбы з распаўсюджваннем каранавіруса. Правядзенне масавых мерапрыемстваў цяпер можа справакаваць новую хвалю захворвання.

Прадстаўнік СААЗ таксама заявіў: "Сітуацыя ва ўсходняй частцы рэгіёну па-ранейшаму выклікае занепакоенасць. У Беларусі, Казахстане, Расійскай Федэрацыі і ва Украіне колькасць новых выпадкаў узрасла за апошні тыдзень".

Як раней паведамлялася, у Мінску 9 мая адбудзецца ваенны парад у гонар Дня Перамогі. Рашэнне аб яго правядзенні было прынята 3 мая на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі.

"Мы не можам адмяніць парад, проста не можам, — заявіў ён. — Я доўга над гэтым думаў. Вядома, гэта эмацыйная, гэта глыбока ідэалагічная рэч(…) Пры гэтым я хачу папярэдзіць арганізатараў, што (…) нікога цягнуць на гэта мерапрыемства не трэба. Не хочуць, берагуць здароўе — мы гэта зразумеем", — сказаў Лукашэнка.

СААЗ выказала занепакоенасць рашэннем беларускіх уладаў правесці парад.

"Мы вельмі занепакоеныя магчымымі негатыўнымі наступствамі правядзення такога масавага мерапрыемства ў перыяд эпідэміі. Асаблівае хваляванне выклікае магчымы ўдзел у гэтым мерапрыемстве людзей сталага ўзросту, сярод якіх адзначаецца цяжкае цячэнне захворвання і высокі ўзровень смяротнасці ад COVID-19", — заявіў 4 мая БелаПАН афіцыйны прадстаўнік арганізацыі ў Беларусі Батыр Бердыклычаў.
аз