Сэрвіс Google Maps працягвае публікаваць дэталёвы аналіз паводзінаў карыстальнікаў падчас пандэміі каранавіруса. Новая справаздача ёсць і пра Беларусь, паведамляе Свабода.
Справаздачы Google даюцца ў параўнанні са «звычайнымі паводзінамі» да пандэміі каранавіруса, разбітыя па тыднях. За тыдзень з 27 красавіка па 3 траўня, калі было толькі два працоўныя дні і выходныя ў сувязі з Радаўніцай і Днём працы, беларусы сталі:
-на 39% менш хадзіць у рэстарацыі, кавярні, забаўляльныя цэнтры, музеі, кінатэатры і бібліятэкі (тыднем раней было –24% ад «звычайных паводзінаў»);
- на 18% менш хадзіць у крамы, на кірмашы і ў аптэкі (тыднем раней на 2% менш);
- на 15% больш хадзіць у паркі і скверы (тыднем раней на 40% больш);
- на 35% менш карыстацца грамадскім транспартам (тыднем раней на 24% менш);
- на 30% менш знаходзіцца на працоўных месцах (тыднем раней на 9% менш);
- на 4% больш знаходзіцца дома (тыднем раней не было адхілення ад «звычайных паводзінаў»).
Звесткі тычацца ня кожнага чалавека ў свеце – толькі тых, хто карыстаецца сэрвісамі Google на смартфонах і не адключае гісторыі лакацыі.
Звесткі ананімныя. Іх публікуюць, каб дапамагчы ўладам ацаніць эфектыўнасць каранцінаў і «сацыяльнага дыстанцыявання» (да заклікаў «заставацца дома» далучалася і Мінздароўя Беларусі, хоць каранціну ў краіне не абвяшчалі).
Расейская кампанія «Яндэкс» штодзень абнаўляе даследаванне аб самаізаляцыі людзей у Расіі і краінах СНД, у тым ліку Беларусі, і «мапу самаізаляцыі». Гарадам выстаўляюцца балы ад 0 (як у час пік у звычайны дзень) да 5 (на вуліцах нікога). Рэйтынг складзены на падставе звестак аб геалакацыі карыстальнікаў сэрвісаў «Яндэксу» і не ахоплівае ўсё насельніцтва.
Паводле гэтага рэйтынгу, на «дадатковых» выходных беларусы зніжалі актыўнасць перасоўвання так жа, як на звычайных: напрыклад, Менску ў будныя дні даюць 1,6–2,0 бала, на выходных – 2,9–4,0 бала.
На 8 траўня рэйтынг беларускіх гарадоў быў у межах ад 1,5 (Магілёў) да 2,4 (Жодзіна). Для параўнання, Маскве 8 траўня далі 2,8 бала, Санкт-Пецярбургу – 2,2, Смаленску – 1,9, Бранску – 2,5.
нг