Падчас пандэміі Беларусь дэманструе зусім іншы падыход у адносінах з Еўрапейскім Саюзам, чым раней. Пра гэта еўракамісар у пытаннях суседства й пашырэння Олівер Вархеі заявіў 19 траўня, на слуханнях у камітэце Еўрапарламента па замежных справах, паведамляе „Наша Ніва” са спасылкай на dw.com.
„Цяпер у Беларусі з'явіўся ўнікальны шанец. Цікавым чынам, з-за выкліканага COVID-19 крызісу мы бачым узнікненне зусім іншага падыходу ў краіне ў дачыненні да ЕС. Урад (Беларусі) працуе з намі, у нас ужо было некалькі кантактаў”, — адзначыў Вархеі.
У якасці прыкладу ён прывёў просьбу Мінска аб фінансавай дапамозе для барацьбы з эканамічнымі наступствамі пандэміі. „Яны папрасілі аб макрафінансавай дапамозе, і мы стараемся дапамагчы. На жаль, яны не змаглі дамовіцца з МВФ аб дапамозе”, — удакладніў еўракамісар, маючы на ўвазе, што супрацоўніцтва Беларусі з Міжнародным валютным фондам — адна з абавязковых перадумоў для надання яму дапамогі Еўрасаюза.
Вархеі паабяцаў, што як толькі Мінск дамовіцца з МВФ і калі ЕС сфармулюе канкрэтныя ўмовы крэдытаў, „мы, вядома ж, неадкладна дамо макрафінансавую дапамогу”.
У Бруселі цяпер зацвярджаюць экстранную праграму такой макрафінансавай падтрымкі (крэдыты на спрыяльных умовах суседнім дзяржавам для падтрымкі іх плацежнага балансу) для дзесяці краін у рамках палітыкі суседства і пашырэння, уключаючы Украіну, Грузію й Малдову. Агульны аб'ём пакета — 3 млрд еўра.
Беларусь — адзіная краіна з праграмы „Усходняга партнёрства”, у якой з ЕС не падпісана рамачнага пагаднення аб партнёрстве. Мінск і Брусель ужо некалькі гадоў вядуць перамовы аб заключэнні такога дакумента, але пакуль незразумела, калі гэта можа адбыцца.
аз