Арганізацыя Front Line Defenders выступіла з заявай у падтрымку праваабаронцаў "Вясны", якія падвергліся пераследу з боку ўладаў па розных падставах.
У перыяд з канца красавіка да пачатку траўня 2020 года некалькі праваабаронцаў у Беларусі былі затрыманыя й падвергнутыя судоваму пераследу за ўдзел у мірных сходах і крытыку палітыкі ўрада. Гэтая хваля пераследу праваабаронцаў адбываецца на фоне кампаніі прэзідэнцкіх выбараў, якія павінны адбыцца 9 жніўня 2020 года.
З пачатку траўня 2020 года каля 120 чалавек, у тым ліку некалькі праваабаронцаў, былі затрыманыя, аштрафаваныя або асуджаныя да адміністрацыйных арыштаў на тэрмін да 25 сутак за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства ў адпаведнасці з артыкулам 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Затрыманні звязаныя з трыма пратэстнымі рухамі: штотыднёвымі пратэстамі супраць будаўніцтва акумулятарнага завода ў горадзе Брэсце, мітынгам "Моладзевага блока" ў Мінску супраць рашэння аб правядзенні парада Перамогі 9 траўня ва ўмовах пандэміі каранавіруса й са шматлікімі дэманстрацыямі супраць арышту вядомага YouTube-блогера Сяргея Ціханоўскага.
Праваабаронцы і журналісты, якія праводзілі маніторынг дэманстрацый або асвятлялі іх, таксама падвергліся пераследам. Некалькі іншых праваабаронцаў, якія крытыкавалі экалагічную палітыку дзяржавы або каментавалі сітуацыю вакол распаўсюджвання каранавіруса, таксама падвергліся пераследам і могуць быць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці. Пяцёра затрыманых праваабаронцаў (Аляксандр Буракоў, Алесь Буракоў, Уладзімір Вялічкін, Андрэй Мядзведзеў і Алёна Маслюкова) з'яўляюцца сябрамі вядучай праваабарончай арганізацыі Беларусі — Праваабарончага цэнтра "Вясна" (ПЦ "Вясна").
Арганізацыя Front Line Defenders занепакоеная пераследам праваабаронцаў, эка-актывістаў, журналістаў і тых, хто крытыкуе палітыку ўрада ў Беларусі. Пераслед праваабаронцаў аказвае негатыўны ўплыў на грамадзянскую супольнасць і ставіць пад пагрозу іх важную ролю ў забеспячэнні незалежнага маніторынгу выбарчай кампаніі і галасавання.
Front Line Defenders заклікае беларускія ўлады неадкладна зняць усе абвінавачванні з праваабаронцаў і спыніць пераслед ПЦ "Вясна", паколькі мяркуе, што ціск на арганізацыю звязаны з яе мірнай праваабарончай дзейнасцю.
Акрамя таго Front Line Defenders заклікае ўлады забяспечыць усім праваабаронцам у Беларусі магчымасць весці законную праваабарончую дзейнасць у любых абставінах без абмежаванняў і без страху помсты, у тым ліку без страху судовага пераследу.
аз