Ад 25 траўня Брэсцкі аўтавакзал адмяняе ўсе міжнародныя рэйсы. Як гаворыцца на ягоным сайце, прычына — пашырэнне ў свеце каранавіруса й закрыццё межаў.
Здарылася гэта праз некалькі дзён пасля таго, як было анансавана аднаўленне транспартных зносінаў з Бельскам-Падляскім, Варшавай, Гданьскам і Катавіцамі. Міжнародныя рэйсы фармаваліся польскімі перавозчыкамі, паведамляе «Свабода» .
Напярэдадні партал Tut.by звязаўся з прадстаўніком польскай кампаніі, якая вазіла пасажыраў маршрутам Брэст-Варшава. Той паведаміў, што паўсталі складанасці з праходжаннем мяжы ў палякаў-кіроўцаў, якія ўязджаюць без 14-дзённага каранцінq. Са сваёй праблемай прадпрыемства звярнулася ў Міністэрства транспарту Беларусі.
«Зьвяртаемся з просьбай хадайніцтва перад Міністэрствам здароўя Беларусі аб выдачы дазволу на ажыццяўленне міжнародных перавозак пасажыраў маршрутам Варшава — Брэст без неабходнасці 14-дзённага тэрміну самаізаляцыі для экіпажаў аўтобусаў. Паводле польскага заканадаўства, кіроўцы рэгулярных рэйсавых маюць права ўехаць на тэрыторыю Польшчы без неабходнасці знаходжання на 14-дзённай самаізаляцыі», — гаворыцца ў звароце.
Такім чынам, у Польшчу можна трапіць толькі з Гродна на аўтобусе кампаніі TeamBusTravel, перадае мясцовы аўтапартал. Рэйсы на Варшаву з паркоўкі чыгуначнага вакзалу ў Гродна ажыццяўляюцца тройчы на тыдзень. Паслугай пераважна карыстаюцца кіроўцы, якія маюць права працаваць у Польшчы.
Дзяржаўныя аўтобусы ў Гродна паездак за заходнюю мяжу не ажыццяўляюць.
аз