З 18 па 21 чэрвеня 360 затрыманняў адбылося ў 19 гарадах Беларусі, паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна». У Мінску было затрымана больш за 260 чалавек, 10 і больш чалавек дазналі пераслед у Гомлі, Бабруйску, Наваполацку, Ганцавічах, Барысаве. Гвалтоўныя затрыманні таксама прайшлі ў Наваградку (9), Віцебску (7), Магілёве (6 ці болей), Брэсце (6), Рэчыцы (3), Ваўкавыску (3), Маладзечне (3), Салігорску (2), Гродна (2), Оршы (2), Светлагорску (1), Лідзе (1) ды Слуцку (мінімум 1).
Акрамя таго, у Слоніме ўдзельнікаў акцыі выклікалі ў міліцыю пазней для складання пратаколаў. Таксама вядома, што ў Мінску як мінімум 15 чалавек, якія былі затрыманы ў пятніцу і адпушчаны без пратаколаў, выклікаюць у РУУС Ленінскага раёну для складання гэтых самых пратаколаў. Тых, хто быў адпушчаны з пратаколамі, наперадзе чакаюць суды.
Больш за 100 судоў над часткай затрыманых на акцыях прайшлі 22 і 23 чэрвеня. Па дадзеных «Вясны», 9 чалавек атрымалі агулам 105 сутак арышту і як мінімум 78 чалавек атрымалі штрафы памерам каля 50500 рублёў.
Праваабаронцам вядома як мінімум пра 650 выпадкаў адвольных затрыманняў, якія адбыліся ў перыяд з 6 траўня па 23 чэрвеня.
эж