Кіраўнік прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі Дзірк Шубель спадзяецца, што санкцыі з прычыны наяўнасці палітвязняў у дачыненні да Беларусі ўводзіць не давядзецца, паведамляе „Свабода” са спасылкай на агенцтва БелаПАН.
„Санкцыі — гэта пытанне ўсіх краінаў Еўрасаюза, мы будзем абмяркоўваць яго ў залежнасці ад сітуацыі. Мы спадзяёмся, што нам не будзе неабходнасці гэта рабіць”, — сказаў Шубель.
Ён адзначыў, што бакі здолелі шмат зрабіць на працягу апошніх пяці гадоў. „Мы былі рады, што ў вас пяць гадоў не было палітычных зняволеных. Гэта быў важны крок, мы шмат зрабілі разам, стварылі структуры, якіх раней не было. Мы вялі перамовы ў справе заключэння дамовы аб партнёрстве і супрацоўніцтве, якая, у прынцыпе, гатовая. У нас дыялог шмат у якіх сферах. Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця і Еўрапейскі інвестыцыйны банк паспяхова працуюць у вашай краіне”, — адзначыў дыпламат.
„Мы гатовыя ісці далей, але ёсць адно вялікае „але“. Гэта сітуацыя з правамі чалавека і дэмакратыяй у вашай краіне, асабліва ў кантэксце прэзідэнцкіх выбараў. Мы ясна патлумачылі, чаго мы чакаем ад кіраўніцтва краіны”, — сказаў кіраўнік прадстаўніцтва Еўрасаюза.
Ён нагадаў пра сумесную заяву амбасадараў ЕС, ЗША і Вялікабрытаніі ад 2 чэрвеня. „На жаль, не было рэакцыі, як мы чакалі. Нам было неабходна рэагаваць зноў, і 19 чэрвеня была заява спадара Барэля (вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль. — рэд.) пасля затрымання Віктара Бабарыкі.
Таксама была вялікая дыскусія ў Еўрапарламенце на мінулым тыдні. Мы чакаем, што тыя, хто цяпер з палітычных матываў арыштаваны і знаходзіцца ў турме, будуць неадкладна вызваленыя, каб выбары прайшлі без праблемаў, аб’ектыўна, каб кандыдатамі ў прэзідэнты сталі тыя, хто сабраў больш за 100 тысячаў подпісаў”, — сказаў Шубель.
Ён таксама адзначыў, што АБСЕ чакае запрашэння для назірання за выбарамі. „Спадзяёмся, што будзе неадкладнае запрашэнне, таму што часу мала. Калі краіна хоча, каб выбары былі абʼектыўнымі і было добрае назіранне, то часу вельмі мала”, — лічыць кіраўнік прадстаўніцтва ЕС.
аз