Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Kандыдатамі ў прэзідэнты Беларусі зарэгістраваныя пяць чалавек

14.07.2020 13:15
ЦВК адмовіла ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты Віктару Бабарыку і Валерыю Цапкалу.
ВыбарыPhoto: ulleo/pixabay.com/CC0 Public Domain

Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў 14 ліпеня зарэгістравала кандыдатамі ў прэзідэнты Беларусі пяць чалавек. Пасяджэнне транслявалася на сайце ЦВК, паведамляе БелаПАН.

Выбарчую кампанію ў якасці кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі працягнуць:

Андрэй Дзмітрыеў — сустаршыня грамадскага аб'яднання "Гавары праўду";

Ганна Канапацкая — былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу;

Аляксандр Лукашэнка — дзейны кіраўнік дзяржавы;

Святлана Ціханоўская — жонка блогера, палітвязня Сяргея Ціханоўскага;

Сяргей Чэрачэнь — старшыня партыі "Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада".

ЦВК адмовіла ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты былому старшыні праўлення ААТ "Белгазпрамбанк" Віктару Бабарыку, які ў цяперашні час знаходзіцца пад вартай па абвінавачванні ў эканамічных злачынствах і прызнаны палітычным зняволеным праваабарончай арганізацыяй "Міжнародная амністыя". Варта адзначыць, што ён сабраў рэкордную сярод альтэрнатыўных кандыдатаў колькасць подпісаў за сваё вылучэнне.

У рэгістрацыі таксама адмоўлена былому дыпламату, чыноўніку, экс-дырэктару Парку высокіх тэхналогій Валерыю Цапкалу.

З моманту рэгістрацыі кандыдатаў у выбарчай кампаніі пачаўся агітацыйны перыяд, які будзе доўжыцца па 8 жніўня ўключна.

Выбары прэзідэнта Беларусі адбудуцца 9 жніўня.

аз