Місія БДІПЧ АБСЕ ўпершыню не прыедзе ў Беларусь, каб назіраць за прэзідэнцкімі выбарамі. Прычына – адсутнасць афіцыйнага запрашэння ад МЗС, - паведамляецца на сайце Белсату.
Аб сваім рашэннi дырэктарка БДІПЧ АБСЕ праінфармавала беларускі ўрад.
«Адсутнасць своечасовага запрашэння на працягу двух месяцаў пасля абвяшчэння выбараў перашкодзіла БДІПЧ назіраць за асноўнымі аспектамі электаральнага працэсу», – зазначыла дырэктарка БДІПЧ Інгіб’ёрг Соўльрун Гіслятоўхтыр. – Да іх адносяцца вобласці, якія мы ў сваіх нядаўніх справаздачах адносілі да тых, якія патрабуюць паляпшэнняў. Напрыклад, фармаванне выбарчых камісіяў і рэгістрацыя кандыдатаў. Бачна з вынікаў гэтых працэсаў, што ўлады не зрабілі аніякіх крокаў, каб палепшыць іхную інклюзіўнасць».
У паведамленні на сваёй старонцы БДІПЧ зазначае, што арганізацыя рабіла ўсё магчымае пасля пачатку пандэміі каранавірусу, каб выканаць свой мандат па назіранні за выбарамі, і правяла назіранні ў некалькіх краінах, як толькі былі знятыя абмежаванні па перасоўваннях.
Дырэктарка БДІПЧ падкрэслівае, што не высланае запрашэнне ў такой выпрабавальнай сітуацыі адлюстроўвае адсутнасць зацікаўленасці ў супрацы з назіральнікамі арганізацыі, як гэта прадугледжана абавязкамі АБСЕ. У той жа час Гіслятоўхтыр выразіла сваю глыбокую занепакоенасць паведамленнямі аб тым, што папулярных кандыдатаў запалохваюць, а апазіцыйных актывістаў арыштоўваюць.
Дырэктарка БДІПЧ заклікае беларускія ўлады здзейсніць канкрэтныя і неадкладныя крокі, каб абараніць фундаментальныя свабоды ў Беларусі.
Раней прэс-сакратар МЗС Беларусі заяўляў, што ведамства прыме рашэнне аб запрашэнні міжнародных назіральнікаў у бліжэйшым часе з улікам развіцця эпідэміялагічнай абстаноўкі ў краіне.
Праз пандэмію назіральнікі Парламенцкай Асамблеі АБСЕ вырашылі не прыязджаць у Беларусь на выбары.
яс