Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Беларусь закупіла другую партыю амерыканскай нафты

16.07.2020 15:44
Першая партыя амерыканскай нафты была пастаўленая ў Беларусь у чэрвені.
Zdjęcie ilustracyjne.
Zdjęcie ilustracyjne.shutterstock.com/pan demin

Беларусь закупіла другую партыю амерыканскай нафты, паведаміў БелаПАН прэс-сакратар канцэрна „Белнафтахім” Аляксандр Цішчанка. „Паводле плана жнівеньскіх паставак, сёння ў амерыканскім порце Beaumont стаў пад загрузку і рыхтуецца да адпраўкі ў Беларусь танкер з 80 тыс. т нафты гатунку White Eagle Blend (WEB). Тэрмін прыбыцця ў Клайпеду — 6-8 жніўня”, — сказаў Цішчанка.

Першая партыя амерыканскай нафты была пастаўленая ў Беларусь у чэрвені. Танкер 17 траўня выйшаў з порта Beaumont і прыбыў у Клайпеду 6 чэрвеня. Затым па чыгунцы груз быў дастаўлены на „Нафтан”. Пра пачатак паставак амерыканскай нафты ў Беларусь раней паведаміў дзяржаўны сакратар ЗША Майкл Пампеа. „Гэтая канкурэнтная здзелка, заключаная амерыканскім энергетычным трэйдарам United Energy Trading пры спрыянні амерыканскай фірмы Getka і іх польскага партнёра UNIMOT, умацоўвае беларускі суверэнітэт і незалежнасць, дэманструе, што Злучаныя Штаты гатовыя даць гандлёвыя магчымасці амерыканскім кампаніям, зацікаўленым у выхадзе на беларускі рынак, і выконвае абавязацельствы, узятыя Злучанымі Штатамі перад Беларуссю ў лютым”, — гаварылася ў каментары Пампеа.

Міністр замежных спраў Уладзімір Макей 15 траўня пацвердзіў пачатак паставак нафты з ЗША ў Беларусь. „Гэта стала магчымым паводле вынікаў дамоўленасцяў, дасягнутых падчас візіту ў Рэспубліку Беларусь 1 лютага 2020 года дзяржаўнага сакратара ЗША Майкла Пампеа і сустрэчы з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам”, — заявіў ён. Як адзначыў Макей, ажыццяўленне паставак амерыканскай нафты з’яўляецца часткай „дзяржаўнай стратэгіі па дыверсіфікацыі крыніц і забеспячэнні ўстойлівай працы нафтаперапрацоўчага комплексу Беларусі ў 2020-м і ў наступныя гады”.