"Мне здаецца, цяпер якраз той гістарычны момант і ўнікальны час, калі мы з вамі можам нешта памяняць, — сказала Калеснікава. — Мы дакладна ведаем, што галоўны вораг нашай перамогі — гэта не рэжым, а нявера ў тое, што ў нас можа нешта атрымацца, што ў нас можа быць перамога. Мы зараз павінны ўсе актывізавацца, у нас ёсць тры тыдні да 9 жніўня, каб усім прыйсці на выбары і заявіць пра тое, што мы не згодныя. Мы будзем вельмі ганарыцца сабой, што, нягледзячы на такі доўгі дыктатарскі рэжым, мы змаглі гэта змяніць".
У сваю чаргу Ціханоўская заявіла: "Вы ўсе ведаеце, чаму я апынулася на гэтым месцы — з-за кахання, любові. З-за кахання да свайго мужа. Таму вырашыла працягнуць справу, якую ён лічыў важнай. Я люблю Беларусь і беларусаў. Менавіта таму я працягваю ісці далей, нягледзячы на ўсе спробы мяне зламаць".
Як падкрэсліла Ціханоўская, яна хоча, каб яе дзеці раслі ў свабоднай краіне. "Каб нашым дзецям не затыкалі раты, як нам. Каб яны не сядзелі ў турмах без віны, — сказала яна. — Я лічу, што мой муж Сяргей Ціханоўскі ў свой час аб'яднаў народ. Менавіта таму мы таксама зараз вырашылі аб'яднацца, каб дасягнуць агульнай мэты. Разам мы сталі яшчэ мацнейшымі".
Кандыдат у прэзідэнты таксама адзначыла, што ў трох штабах, якія аб'ядналіся, не вераць у сумленныя выбары, але лічаць, што сумеснымі намаганнямі змогуць абараніць галасы выбаршчыкаў. "Я ўдзячная падтрымцы ад беларусаў. Нам вельмі зараз патрэбная ваша дапамога. І мы цяпер у тым становішчы, што толькі разам мы зможам пабудаваць краіну для жыцця", — сказала Ціханоўская.
Вераніка Цапкала, у сваю чаргу, патлумачыла, чаму штаб яе мужа далучыўся да кампаніі Святланы Ціханоўскай. "Таму што ўлада бессаромным чынам зняла трох самых моцных кандыдатаў на пасаду прэзідэнта — Віктара Бабарыку, Сяргея Ціханоўскага і майго мужа Валерыя Цапкалу. Менавіта пасля гэтых бессаромных падзей мы вырашылі аб'яднацца і паказаць, што такое жаночая салідарнасць, — сказала Цапкала. — Мы бачым, што зараз наша ўлада баіцца жанчыну, а менавіта баіцца Святлану. І мы ўсім хочам паказаць, што Канстытуцыя ў гэтай краіне напісаная для жанчын. Мы верым, што мы не другарадныя, што мы нароўні стаім з мужчынамі і мы верым, што мы пераможам".
Адказваючы на пытанне, хто быў ініцыятарам аб'яднання штабоў, Калеснікава распавяла: "Учора рана ўранку штаб Віктара Бабарыкі запрасіў Святлану і Вераніку для абмеркавання далейшых дзеянняў. Мы спачатку раіліся ўсімі камандамі, у выніку мы вырашылі, што хочам паразмаўляць утрох. Мы засталіся ўтрох і за 15 хвілін прынялі рашэнне пра далейшыя дзеянні".
"Чаму гэта было так хутка і лёгка зроблена? Таму што ў нас ва ўсіх ёсць адна мэта — мы ўсе хочам змены ўлады 9 жніўня, мы хочам, каб Беларусь прачнулася. Для гэтай мэты мы аб'ядноўваем нашы намаганні і прапаноўваем усім беларусам аб'яднаць свае намаганні", — падкрэсліла Калеснікава.
"Тым самым мы паказалі, як хутка жанчыны, у адрозненне ад мужчын, могуць дамовіцца. Нам спатрэбілася ўсяго толькі 15 хвілін", — дадала Цапкала.
На пытанне, ці ведае пра аб'яднанне штабоў сам Бабарыка, які цяпер знаходзіцца ў СІЗА КДБ, Калеснікава адказала: "Гэта быў адзін з планаў. Мы разглядалі з самага пачатку розныя варыянты развіцця падзей, у тым ліку абмяркоўвалі, што калі не застаецца нашага кандыдата і альтэрнатыўных іншых кандыдатаў, мы пачынаем шукаць іншыя варыянты развіцця падзей, пры якіх самае галоўнае — адна мэта, перамога. Мы робім усё для гэтага ўсімі законнымі спосабамі".
14 ліпеня ЦВК зарэгістравала кандыдатам у прэзідэнты Святлану Ціханоўскую. Віктару Бабарыку і Валерыю Цапкалу ў рэгістрацыі адмоўлена. 16 ліпеня прадстаўнікі трох штабоў заявілі пра аб'яднанне сваіх намаганняў у выбарчай кампаніі. Пры гэтым Валерый Цапкала і штаб Віктара Бабарыкі, якога падазраюць у эканамічных злачынствах і які знаходзіцца ў зняволенні, маюць намер абскардзіць адмову ў іх рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты.
нг