Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Вострыя словы Ціханоўскай пра Лукашэнку прагучалі ў эфіры дзяржаўнага радыё

20.07.2020 11:32
"Няўжо Лукашэнка разлічвае, збіваючы людзей, прымусіць іх сябе любіць?".
    ,  2020
Святлана Ціханоўская і Марыя Калеснікава, ліпень 2020 года EPA / TATYANA ZENKOVICH Пастаўшчык: PAP/EPA

Кандыдатка ў прэзідэнты Беларусі Святлана Ціханоўская выступіла ў эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё паведамляе Белсат.

Ціханоўская акрэсліла праблемныя кропкі краіны, якія, як яна лічыць, неабходна змяніць: масавая эміграцыя за мяжу, выміранне вёсак і маленькіх гарадоў і смерць людзей ад каронавіруса, «пакуль улада хавае рэальныя лічбы па захварэлых, не забяспечвае меддапамогу, не плаціць лекарам годныя заробкі».

Кандыдатка адзначыла, што гэтым летам людзей пачалі хапаць на вуліцах толькі за тое, што яны хацелі сваім подпісам падтрымаць вылучэнне прэтэндэнтаў ці падаць скаргу ў ЦВК.

«Няўжо дзейны прэзідэнт разлічвае, што, збіваючы людзей дубінкамі, кідаючы за краты, выпісваючы ім штрафы, ён прымусіць людзей сябе любіць? Ён што, сапраўды думае, што гвалтам, нахрапам, хамствам і сталай хлуснёй можна вырашыць праблемы ў эканоміцы, да якіх ён сам жа і прывёў нашу краіну? А колькі ён яшчэ збіраецца збіваць людзей і кідаць іх у турмы? Не прэзідэнт павінен нам указваць, як нам жыць і што нам рабіць, а мы самі павінны гэта вызначаць», – заявіла Ціханоўская.

Паводле яе слоў, пасля перамогі на прэзідэнцкіх выбарах, будзе прызначаны рэферэндум для вяртання Канстытуцыі 1994 года.

У якасці асноўных тэзісаў сваёй праграмы «Краіна для жыцця, дзяржава для людзей» Ціханоўская назвала стварэнне новых працоўных месцаў у Беларусі, зняцце бар’ераў для малога і сярэдняга бізнесу, перагляд фінансавання стратных прадпрыемстваў, рэформа сістэм аховы здароўя і адукацыі.

У вонкавай палітыцы кандыдатка выступае за незалежнасць.

яс