Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Праз дванаццаць гадоў нарэшце з’явіўся пасол Беларусі ў ЗША

20.07.2020 15:16
Беларусь прызначыла таксама новых паслоў у Нідэрланды, Аўстрыю, Вялікабрытанію і Казахстан.
Аўдыё

Дванаццаць гадоў Беларусь і ЗША не былі прадстаўленыя адна ў адной на ўзроўні пасла.

Дыпламатычны скандал пачаўся ў 2008: калі ЗША ўвялі новыя эканамічныя санкцыі супраць Беларусі, то афіцыйны Мінск адрэагаваў скарачэннем штата супрацоўнікаў пасольства ЗША з 35 да 5 чалавек. Амерыканцы нават хацелі закрыць сваю амбасаду. Мінск адклікаў з Вашынгтона пасла Міхаіла Хвастова і настойліва рэкамендаваў пакінуць нашу краіну прадстаўніцы Амерыкі Карэн Сцюарт.

Ад таго моманту ні Беларусь не была прадстаўлена ў Вашынгтоне паслом, ні ЗША – у Мінску.

Новым прадстаўніком Беларусі ў ЗША стаў былы намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка. Яму 49 гадоў, мінчук. У МЗС ад 1994 года. У перыяд з 2007 па 2014 год працаваў спачатку дарадцам пасольства Беларусі ў ЗША, а пасля часовым павераным.

Паводле «Нашай нівы», апошнім часам Краўчанка выконваў ролю «кантактнай асобы» на перамовах у Еўрасаюзе, а таксама на многіх мерапрыемствах у ЗША.

Першы намеснік міністра замежных спраў Андрэй Еўдачэнка едзе прадстаўніком Беларусі ў Нідэрланды.

Андрэй Дапкюнас едзе паслом Беларусі ў Аўстрыі. Дапкюнас на працягу амаль трынаццаці гадоў узначальваў прадстаўніцтва Беларусі пры ААН.

Паслом Беларусі ў Лондан паедзе былы міністр фінансаў Максім Ермаловіч.

Былы міністр прамысловасці Павел Уцюпін едзе прадстаўніком Беларусі ў Казахстан.
яс