Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), вядома пра мінімум 25 выпадкаў за апошні час, калі журналістам розных замежных рэдакцый не адказалі на заяўку аб часовай акрэдытацыі для працы ў Беларусі.
Замежныя сродкі масавай інфармацыі, як піша БАЖ, не атрымалі ніякіх адказаў у вызначаны законам 20-дзённы тэрмін. Пры тым многія журналісты, якія прасілі акрэдытацыю, раней атрымлівалі яе і асвятлялі падзеі ў Беларусі, паведамляе Радыё «Свабода».
За працу без акрэдытацыі замежным журналістам пагражае штраф ад 540 да 1350 рублёў паводле арт. 22.9 КаАП.
У межах АБСЕ Рэспубліка Беларусь прыняла на сябе абавязак спрыяць далейшаму пашырэнню супрацы паміж СМІ і іх прадстаўнікамі, асабліва паміж рэдакцыямі агенцтваў друку, газетаў, радыё і тэлевізійных арганізацыяў, а таксама кінакампаній, адзначае БАЖ. Таксама Беларусь прыняла абавязак спрыяць паездкам журналістаў з іншых дзяржаваў АБСЕ.
Асацыяцыя заклікае Міністэрства замежных справаў у максімальна кароткія тэрміны разглядзець звароты замежных СМІ і акрэдытаваць журналістаў, спыніць палітыку неразгляду зваротаў, выконваць у сваёй дзейнасці нацыянальнае заканадаўства і міжнародныя абавязацельствы ў галіне свабоды слова і права на інфармацыю.
вс