Сёння ў поўдзень на беларускіх і расійскіх сайтах з'явілася інфармацыя пра «двух польскіх альпіністаў», якім адмовілі ва ўездзе ў Беларусь. Пагранічнікам здавалася падазронай мэта прыезду – альпінізм, а таксама адсутнасць абсталявання для такога тыпу дзейнасці. Палякі, паводле звестак, прыбылі ў краіну ў выключна турыстычных мэтах і не сачылі за апошнімі падзеямі ў краіне.
Мы даведаліся, кім зʼяўляюцца таямнічыя альпіністы. Гэта Марцін Мадзэлеўскі (канал Marian na Świecie) і Міхал Патэр (канал Autostopem na koniec świata), ютуберы-падарожнікі, якія вельмі папулярныя ў польскай інтэрнэт-прасторы. Адзін з іх мае 13 тысяч падпісантаў, другі 182 тысячы, і яны вядомыя ў Польшчы сваімі ролікамі з падарожжаў у краінах былога СССР.
Як паведамляе адзін з «альпіністаў», «перад паездкай я звярнуўся ў консульства РБ у Польшчы, каб даведацца пра абмежаванні ў перасячэнні беларускай мяжы. Паводле консульства, іх не было. Мы паехалі выключна ў турыстычных мэтах, і ў нас было адпаведнае абсталяванне: намёт, спальны мяшок і неабходныя рэчы, каб жыць на прыродзе. Падчас допыту, мой тэлефон забралі на праверку, а на мяне быў здзейснены псіхалагічны ціск».
Інфармацыя пра ўяўны «альпінізм» турыстаў узялася адтуль, што адзін з іх у якасці прафесіі падаў «прамысловы альпінізм». Хлопцы збіраліся ў Беларусь з мэтай адпачынку і іхная прафесія не мела ўплыву на мэту паездкі.
Справа польскіх «альпіністаў» трапіла ў такія СМІ, як tut.by, tass.ru i sputnik.ru. Нам тым часам удалося скантактаваць з героямі сюжэта і запытацца, як справа выглядае з іхнага боку. Хлопцаў пасля допыту, вобшуку і адмаўлення ўезду адправілі самалётам у Варшаву на наступны дзень.
Альберт Ежы Вяжбіцкі