Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі пратэстуе супраць дзеянняў АМАП. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у заяве, змешчанай на афіцыйным сайце Каталіцкага Касцёла ў Беларусі catholic.by, напісаў, што праваахоўныя службы „па сваім прызначэнні пакліканы абараняць асноўныя правы грамадзянаў, у тым ліку і права на свабоду веравызнання, а не перашкаджаць у іх рэалізацыі, гарантаванай заканадаўствам Рэспублікі Беларусь”.
„Неадэкватныя і супрацьпраўныя дзеянні, якія мелі месца на тэрыторыі касцёла святога Сымона і святой Алены, павінны быць расследаваны, а вінаватыя прыцягнутыя да адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь”, - напісаў арцыбіскуп Кандрусевіч.
Арцыбіскуп таксама падкрэсліў, што гэткія і падобныя „дзеянні супрацоўнікаў сілавых структур не спрыяюць ліквідацыі напружанасці дзеля хутчэйшага ўсталявання міру і згоды ў беларускім грамадстве ў той час, калі Каталіцкі Касцёл заклікае да прымірэння і дыялогу з мэтай вырашэння нябачанага ў нашай краіне сацыяльна-палітычнага канфлікту”.
Нагадваем , увечары 26 жніўня падчас разгону паслявыбарчай акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасці ў Мінску функцыянеры АМАП зачынілі дзверы Чырвонага касцёла разам з вернікамі, журналістамі і тымі, хто збег туды ад арышту ўнутры. Людзей вызвалілі са святыні толькі прыблізна праз сорак хвілін.
аз