Сёння падобны пікет адбыўся побач з консульствам Літвы.
Ветэраны з чырвона-зялёнымі сцягамі патрабавалі ад Літвы не ўмешвацца ва ўнутраныя справы Беларусі. А яшчэ раней дзяржаўнае агенцтва працытавала Лукашэнку, які скрытыкаваў палітыку ўраду Літвы і параіў ім «не займацца праблемамі суседзяў».
Не прамінуў нагадаць і пра Польшчу, сказаў, што «мы з палякамі жылі ў міры і згодзе чвэрць стагоддзя пры ўладзе Лукашэнкі, і ніколі не было праблем». Але ў той самы час падкрэсліў, што не будзе мірыцца з тым, каб на балконах у Гродне вывешвалі польскія сцягі.
Старшыня Саюза палякаў Анжаліка Борыс, каментуючы яго выказванні ўдакладніла, што гэта Лукашэнка не меў з польскай меншасцю праблем, бо яны заўсёды выступалі за суверэнітэт Беларусі і не рабілі рэвалюцый. І пры гэтым зазначыла, што польская меншасць увесь час мела праблемы з Лукашэнкам:
-Яны забралі ў нашай арганізацыі 15 польскіх дамоў з дапамагай АМАПа і міліцыі. Нас арыштоўвалі, мы сядзелі ў арыштах, нас судзілі....
Анжаліка Борыс падкрэсліла, што рыторыка Лукашэнкі цяпер скіравана толькі ў адзін бок, каб падабацца Крамлю.
Алесь ЗАВІНОЎСКІ