Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Прэзідэнт Беларусі паведаміў, што ваенная выведка перахапіла размову Берліна і Варшавы

03.09.2020 18:05
Лукашэнка плануе перадаць ФСБ доказы фальсіфікацыі атручвання Навальнага.
Аўдыё
  • Прэзідэнт Беларусі паведаміў, што ваенная выведка перахапіла размову Берліна і Варшавы
Лукашэнка падчас сустрэчы з МішусцінымPAP/EPA/ALEXANDER ASTAFYEV / GOVERNMENTAL PRESS SERVICE / SPUTNIK POOL

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у чацвер пра перахоп размовы Берліна і Варшавы, якая сведчыць пра тое, што інфармацыя аб атручэнні Аляксея Навальнага была фальсіфікацыяй. Паводле слоў беларускага прэзідэнта, звесткі будуць перададзены ў ФСБ, піша ТАСС.

«Да выступу Меркель – яна заявіла, што яму, Навальнаму, хацелі закрыць рот – мы перахапілі размову. Мы так разумеем, Варшава размаўляе з Берлінам, – сказаў Лукашэнка на сустрэчы са старшынёй урада Расіі Міхаілам Мішусціным. – Перахапіла нашая радыёэлектронная ваенная выведка. Паколькі там (на заходніх рубяжах Беларусі – заўв. ТАСС) разгорнутыя часткі, і мы, вядома, вядзем і ў радыясферы проціборства з натаўцамі».

Спакойнага жыцця «яны нам не гарантуюць, спакойнага жыцця нам не будзе», сказаў на заканчэнне кіраўнік Беларусі. «У гэтым я перакананы. Але вы павінны разумець, што мы поўныя рашучасці адстаяць свой суверэнітэт і незалежнасць і не дазволім тут нас нахіляць», – сказаў ён.

Палітолаг Павал Усаў кажа, што абсурднасць заяваў Лукашэнкі не ведае межаў. Імі ён хоча паказаць сваю лаяльнасць да Масквы:

-Думаю, такім чынам Лукашэнка хацеў паказаць сваю незамянімасць і значнасць у вачах расійскага прэм’ер-міністра, каб той перадаў Пуціну на колькі Лукашэнка лаяльны. Відаць, ціск Масквы ўсё больш відавочны, а Лукашэнка намагаецца захаваць свае пазіцыі. У сваю ў чаргу ў Расіі разумеюць, што яго выказванні ўсё больш неадэкватныя. Акрамя гэтага, Лукашэнка паказвае, што гатовы весці з Захадам інфармацыйную вайну, спаліўшы ўсе масты. Ён дыскрэдытуе сябе ў вачах міжнароднай супольнасці.

Паводле Лукашэнкі, Варшава і Берлін абмяркоўвалі фальсіфікацыю «атручвання» Навальнага, каб «адбіць ахвоту Пуціну сунуць нос у справы Беларусі».

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы не ўдакладніў, чыя менавіта размова была перахоплена.