1 верасня адбылося мірнае шэсце па Маскоўскім праспекце. Міліцыя затрымала некалькіх студэнтаў. Дваіх хлопцаў змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Іх чакае суд. 2 верасня каля 30 студэнтаў Віцебскай ветэрынарнай акадэміі выстраіліся ў ланцуг салідарнасці.
Акцыя праходзіла без лозунгаў і плакатаў. Студэнты стаялі каля галоўнага корпусу ветакадэміі. Да пачатку акцыі прыехалі міліцыянты. Затрымалі дваіх студэнтаў.
3 верасня студэнты ветэрынарнай акадэміі хацелі сабрацца ў ланцуг салідарнасці ў 11:40, падчас вялікага перапынку. Зраніцы каля акадэміі дзяжурылі сілавікі. Акцыя працягвалася нядоўга, міліцыя затрымала чацвярых студэнтаў. Іх даставілі ў Кастрычніцкі РАУС Віцебска. Затрыманых да будынку РАУС прыйшлі падтрымаць аднагрупнікі. Яны кажуць, што сярод затрыманых былі дзве дзяўчыны і два хлопца. Дзяўчын абяцалі ў хуткім часе адпусціць. Напэўна, з імі правядуць прафілактычную гутарку.
Аднаго хлопца адправілі ў аддзел па грамадзянству і міграцыі, бо ён з’яўляецца грамадзянінам Украіны. У дачыненні да іншага хлопца вядзецца адміністрацыйны працэс. Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве.
Студэнты, якія прыйшлі падтрымаць затрыманых кажуць, што іх запалохваюць адлікам з акадэміі за ўдзел у акцыях пратэсту, а таксама тэлефануюць бацькам і хлусяць аб кепскіх паводзінах, напрыклад, што студэнт спаў на лекцыях са сцягам, хоць такога насамрэч і не было.
Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко