Аб адмене правядзення эканамічнага форума ў Гродне паведаміў беларускі амбасадар ва Украіне Ігар Сокал. Паводле яго, перакрэслена сумесная падрыхтоўчая праца да форума.
Ён таксама заявіў украінскім выданням, што ад гэтага пацерпяць эканомікі абедзвюх краін і міжрэгіянальныя сувязі.
Беларускі амбасадар распавёў, што яшчэ ў ліпені былі накіраваны запрашэнні ад імя беларускага ўраду ўсім кіраўнікам украінскіх рэгіёнаў.
Да пачатку жніўня нібыта былі атрыманыя пацверджанні аб удзеле абласцей у форуме, прапрацоўваўся афіцыйны візіт прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.
Аднак 27 жніўня міністр замежных спраў Украіны Дзмітры Кулеба заявіў, што ўсе кантакты з Беларуссю пастаўленыя на паўзу і будуць адноўленыя тады, калі сітуацыя не будзе несці рэпутацыйных наступстваў для Украіны.
Нагадаем, што ў Гродне рыхтаваліся правесці ўжо трэці Эканамічны рэгіянальны форум паміж рэгіёнамі Беларусі і Украіны. Першы адбыўся ў 2018 годзе ў Гомелі, другі ў 2019 у Жытоміры.
Алесь ЗАВІНОЎСКІ