Адзіная ў Беларусі пляцоўка створаная Гродзенскім дзіцячым госпісам, дзе інваліды і валанцёры збіраліся ў вольны час і бясплатна шылі ахоўныя касцюмы для медыкаў, засталася без памяшкання.
Майстэрня знаходзілася ў памяшканнях камбіната школьнага харчавання, якія пуставалі тры гады.
Людзі збіралі шчыткі для медыкаў, пачалі шыць медыцынскія маскі і ахоўныя касцюмы са спанбонда.
Але раптам кіраўніцтва камбіната пачало чыніць праблемы: адключылі святло, змянілі замкі ў дзвярах.
Кіраўнічка дзіцячага госпісу Вольга Вялічка распавяла, што ім прыпісалі тое, што нібыта валанцёры шыюць у памяшканнях бел-чырвона-белыя сцягі. Вялічка абураецца і кажа, што такія паводзіны адміністрацыі жахлівыя:
-Тыя людзі, якія прыходзяць дапамагаць дзецям і паліатыўным людзям, не зрабілі нічога дрэннага ў гэтым жыцці, каб сёння прыйсці і пабачыць зменены замок у памяшканні.
Асабліва Вольгу Вялічку расхвалявала тое, што распадаецца адзіны такі праект у Беларусі, калі грамадская ініцыятыва знайшла супольнае разуменне з уладамі ў барацьбе з каранавірусам.
Алесь ЗАВІНОЎСКІ