Сябры і калегі гродзенскага журналіста Ігара Бублікава не змаглі патрапіць у Кастрычніцкі суд над ім. З 1-га кастрычніка ў суды могуць патрапіць толькі ўдзельнікі працэсу.
Вось такая незвычайная абвестка на дзвярах суда сёння сустрэла сябраў і калегаў Ігара Бублікава, якія прыйшлі папрысутнічаць на ягоным судзе.
Забарона дзейнічае з прычыны каранавірусу «у восеньскі ды зімовы перыяд 2020–2021 гадоў у сістэме судоў агульнай юрысдыкцыі». Адпаведны загад выдаў старшыня Вярхоўнага суду Беларусі 28 верасня.
Цікава, што яшчэ вясной Вярхоўны суд адзначаў, што меры прафілактыкі каранавіруснай інфекцыі не закранаюць прынцыпу галоснасці судовага разбору.
Гродзенскі праваабаронца Раман Юргель наступным чынам пракаментаваў гэтае рашэнне:
- Гэты загад абмяжоўвае правы не толькі журналістаў і праваабаронцаў, але наагул усіх грамадзянаў.
Дарэчы, суд над Ігарам Бублікавым працягнецца на наступным тыдні. Яго затрымалі ў мінулую нядзелю на пратэставай акцыі. На ім была камізэлька з надпісам ПРЭСА.
Алесь Завіноўскі