Экс-кандыдат у прэзідэнты Андрэй Дзмітрыеў звярнуўся да беларускіх парламентарыяў. Паводле яго слоў, у дэпутатаў «ёсць унікальная магчымасць паслужыць народу».
Дзмітрыеў лічыць, што парламент павінен стаць «месцам дыялогу, аднаўлення справядлівасці і законнасці ў краіне».
Палітык адзначыў, што пад справядлівасцю бачыць асуджэнне дэпутатамі гвалту і стварэнне парламенцкай камісіі па расследаванні «фактаў прымянення неабгрунтаванай сілы ў дачыненні да мірных грамадзян, катаванняў і смерцяў», а таксама камісію па расследаванні »дзеянняў чыноўнікаў падчас каранавіруса, фактаў фальсіфікацыі дадзеных і недастатковасці дзеянняў па забеспячэнню бяспекі грамадзян».
«Законнасць – дамагчыся свабоды палітвязняў і спынення рэпрэсій у дачыненні да тых, хто выказвае сваё меркаванне, аднаўлення на працы звольненых за сваю пазіцыю. Забяспечыць рэалізацыю права грамадзян на мірныя масавыя акцыі і арганізацыю самакіравання», – адзначыў палітык.
У дыялогу ж, на яго думку, павінны ўзяць удзел кандыдаты ў прэзідэнты, прадстаўнікі палітычных партый і грамадзянскай супольнасці. Тэмай абмеркавання павінны стаць патрабаванні, «пра якія кажа сёння ўся краіна», галоўным з якіх з'яўляюцца новыя выбары.
«Гэтыя крокі вернуць у Беларусь грамадзянскі мір і згоду. Умацуюць нашу Незалежнасць. Не хавайцеся, ня адмоўчвайцеся. Будзьце з народам!», – рэзюмаваў Андрэй Дзмітрыеў.
нг