У Гродне «Марш вызвалення палітвязняў» прайшоў даволі незвычайна. На Савецкай плошчы, дзе збіраліся пратэстоўцы, улады зладзілі восеньскі кірмаш.
Тыя, хто прыйшоў на пратэсты, групкамі сядзілі на лавачках у скверыку, некаторыя наагул хадзілі па кірмашы і куплялі па некалькі моркваў альбо памідораў. На плошчы ў той момант набіралася да 500 чалавек.
Міліцыя, якой было даволі шмат, гледзячы на гэта, не вельмі разумела, што рабіць, а таму падыходзілі да тых, хто сядзеў на лавачках і папярэджвалі, што акцыя недазволеная, а ім адказвалі, што, маўляў, мы не бяром ніякага ўдзелу ў акцыі.
Адзін з удзельнікаў заўважыў, што падобная акцыя па-свойму эфектыўная:
-Я лічу, што акцыя эфектыўная, паколькі яна адцягвае вялікія сілы міліцыі і яны ўвесь час у напружаным стане.
Тым не менш, людзей затрымлівалі. Быў затрыманы вядомы гродзенскі блогер Андрэй Ірха, які спрабаваў весці стрым з Савецкай плошчы, а таксама дзяўчынка школьнага ўзросту. Колькасць затрыманых пакуль невядомая.
Алесь ЗАВІНОЎСКІ