Пратэсты ў Беларусі працягваюцца ўжо амаль два месяцы. Традыцыйна нядзельныя маршы самыя вялікія.
Ужо зранку ў горадзе назіраліся ўзмоцненыя праваахоўныя сілы, сілавікі, вялікая колькасць аўтазакаў, мікрааўтобусаў без апазнавальных знакаў. На час маршу ў горадзе не працавалі многія станцыя метро (ст. м. Купалаўская/Кастрычніцкая, Пл. Перамогі, плошча Якуба Коласа, пл. Леніна, Няміга, Фрунзенская, Маладзёжная), была адключана мабільная сувязь.
Удзельнікі Марша вызвалення палітвязняў падышлі да цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Дэманстранты стаялі каля сцен ЦІП і скандавалі: «Выпускай!», «Караева пад суд», «Жыве Беларусь!».
Партал naviny.by паведамляе, што на падыходзе да ЦІП іх паспрабавалі спыніць валанцёры, якія пастаянна там дзяжураць. Валанцёры матывавалі гэта тым, што ў адносінах да затрыманых могуць прымяняць рэпрэсіі, аднак, удзельнікі акцыі іх не паслухалі.
Затрыманні ўдзельнікаў адбываліся па ўсёй краіне. Спіс затрыманых на сваім сайце абнаўляе праваабарончы цэнтр «Вясна». Телеграм-канал «Бабруйск Online» паведаміў, што ў Бабруйску затрымалі практычна ўсіх удзельнікаў Маршу вызвалення палітвязняў. Таксама затрымлівалі ў Гродна і Жодзіна. Некалькі чалавек затрыманыя і ў Віцебску.
Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае інфармацыю пра затрыманых удзельнікаў і ўдзельніц мірных акцый пратэсту. На дадзены момант у спісе 194 чалавек.
ав