Грамадзянская ініцыятыва дапамогі лекарам у перыяд пандэміі каранавіруса ByCovid19 не будзе дапамагаць дзяржаве ў барацьбе з другой хваляй інфекцыі ў Беларусі, паведамляюць naviny.by.
Як паведамляецца ў телеграм-канале валанцёрскай кампаніі, «вясной-2020 мы прыйшлі на дапамогу дзяржаўнай сістэме аховы здароўя, але цяпер узаемадзеянне кампаніі ByCovid19 з дзяржавай немагчыма».
Гэта звязана з тым, што «заблакаваная і закрытая ўладамі пляцоўка для збору сродкаў «МолаМола», яе сузаснавальнік Эдуард Бабарыка сядзіць у СІЗА. Зручнага і празрыстага збору сродкаў ва ўмовах Беларусі арганізаваць немагчыма».
Акрамя гэтага, заснавальнікам ByCovid19 Андрэю Стрыжаку і Андрэю Ткачову прыйшлося пакінуць Беларусь у сувязі з пераследамі ўладаў: «Ткачоў быў падвергнуты катаванням і збіццю падчас затрымання на мірнай акцыі пратэсту».
У кампаніі лічаць, што дзяржаве трэба «вызначыцца з прыярытэтамі».
«Калі хапае на вадамёты і сістэмы «Бар'ер», то павінна хапаць грошай і на ШВЛ і кіслародныя канцэнтратары. Калі хапае рэсурсу надзець балаклаву або маску на кожнага сілавіка, значыць ёсць грошы на медыцынскія маскі і рэспіратары. Калі хапае грошай аплачваць шматмесячныя дзяжурства сотняў амапаўцаў, значыць хапае на аплату і звышаплату працы патрэбнай колькасці медработнікаў», – гаворыцца ў паведамленні ByCovid19.
Як адзначаюць удзельнікі ініцыятывы, сёння, калі ў краіне «не сціхае хваля гвалту і пераследаў», у іх «няма слоў для прызыву да прыватных асоб ці прыватнага бізнесу ў якой-небудзь форме дапамагаць дзяржаве».
ByCovid19 падкрэслівае, што не можа рызыкаваць сваімі валанцёрамі. «Вы бачыце, як жорны рэпрэсіяў перамолваюць тых, хто пачынае добрыя ініцыятывы, і, давайце будзем сумленнымі, мы не маем ніякага жадання аддаць частку свайго жыцця на дапамогу ва ўмовах, калі сродкі індывідуальнай абароны ёсць у продажы і на іх проста трэба вылучыць бюджэт. На двары ўжо не тая сітуацыя, у якой апынуўся свет вясной», – адзначае кампанія.
«Мы хвалюемся за медработнікаў, ад якіх у апошні час атрымліваем усё больш просьбаў аб дапамозе і скаргаў на адсутнасць сродкаў абароны, – кажуць у ініцыятыве. – Нас пытаюць, ці будзем мы працягваць дапамогу ўрачам. Як і было сказана вышэй, ByCovid19 ў ранейшым фармаце не будзе адноўленая».
Валанцёры ўпэўненыя, што грамадства «ўсяляк падтрымае медыкаў, якія будуць патрабаваць, каб адміністрацыі забяспечвалі патрэбныя ўмовы працы, належную абарону і сумленную інфармацыю для грамадства, у тым ліку па смяротнасці і рэальнаму ўзроўню захворвання».
ав