Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік аб’явіў аб стварэнні пляцовак для абмеркавання перспектыў развіцця краіны і рэгіёна.Апазіцыя лічыць такі дыялог неэфектыўным.
З 15 кастрычніка пачне працаваць «Гродзенскі дыялог 2020». Мэта існавання пляцовак для дыялога, паводле Караніка, выпрацоўка прапаноў для ўнясення зменаў у Канстытуцыю Беларусі і іншыя заканадаўчыя акты.
Фармат працы прадугледжвае правядзенне круглых сталоў і панэльныя дыскусіі. Аб’яўлена, што ў іх могуць браць удзел, як прадстаўнікі дзяржаўных органаў, бізнэс-супольнасцяў, дэпутаты, так і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і палітычных партый, грамадзяне.
Гродзенскі актывіст Дзмітры Бандарчук скептычна паставіўся да прапановы старшыні аблвыканкама і нагадаў аб тым, што ўлады не адклікнуліся на прапанову апазіцыі наладзіць дыялог па стварэнню Савета Народнага Даверу.
На яго думку, давер у Гродне быў страчаны яшчэ ў жніўні, а тое, што зараз прапаноўваецца, калі невінаватыя людзі сядзяць у турмах, ні што іншае, як прымус да дыялогу.
«Таму ўдзел у гэтым я лічу неэфектыўным. А галоўнае гэта здрада для тых, хто адчуў гвалт ад гэтай улады».
На першай пляцоўцы размова пойдзе аб павышэнні ролі мясцовага самакіравання.
Алесь ЗАВІНОЎСКІ