Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Праваабаронцы патрабуюць неадкладнага вызвалення палітвязня, валанцёра ПЦ “Вясна” Андрэя Чапюка

13.10.2020 15:09
Чапюк быў затрыманы 2 кастрычніка ў Мінску, а 9 кастрычніка яму было прад’яўлена абвінавчванне па ч.2 арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках) і абраная мера стрымання ў выглядзе ўзяцца пад варту ў СІЗА № 1 Мінска.
T
Tурмаpatrick489/pixabay.com/CC0 Public Domain

Заява змешчана на сайце ПЦ "Вяснa":

31 жніўня 2020 г. супрацоўнікамі ГУБАЗіК быў затрыманы ў якасці падазраванага па ч.2 арт. 293 КК валанцёр ПЦ “Вясна” Павел Гарбуз.

Неўзабаве Павел Гарбуз быў вымушаны пакінуць Беларусь і падрабязна распавёў пра акалічнасці свайго затрымання і пра пагрозы ў адрас ПЦ “Вясна”, якія гучалі ад супрацоўнікаў ГУБАЗіК, якія казалі, што хутка арыштуюць усіх сябраў арганізацы і пакладуць канец яе дзейнасці.

17 верасня 2020 г. супрацоўнікамі ГУБАЗіК была затрыманая і ўзятая пад варту сяброўка ПЦ “Вясна” і каардынатарка валанцёскай службы “Вясны” Марфа Рабкова. 25 верасня ёй было прад’яўлена абвінавачванне па ч.3 арт. 293 КК. З тых часоў Марфа знаходзіцца ў СІЗА № 1 г. Мінска.

Уся іх дзейнасць насіла выключна мірны, праваабарончы характар і была скіраваная на дапамогу людзям, якія церпяць за свае палітычныя погляды і перакананні, за абарону сваіх правоў.

Андрэй Чапюк добраахвотна ахвяраў свой вольны асабісты час на аказанне дапамогі ПЦ “Вясна” у ажыцяўленні праваабарончай дзейнасці, з’яўляецца чалавекам шчыра адданым ідэалам гуманізма і правоў чалавека.

Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, пратэстуем супраць непрыхаванага пераследу і ціску на сябраў ПЦ “Вясна” у сувязі з ажыцяўленнем імі легітымнай праваабарончай дзейнасці.

Нагадваем, што такая дзейнасць гарантаваная праваабаронцам Канстытуцый Рэспублікі Беларусь, міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека, у тым ліку Дэкларацыяй аб праваабаронцах ААН.

Пераслед Андрэя Чапюка у сувязі з яго легітымнай праваабарончай дзейнасцю расцэньваецца намі як працяг кампаніі па запалохванню і ціску на прадстаўнікоў ПЦ “Вясна” і ўсю праваабарончую супольнасць краіны ў цэлым.

На падставе гэтага, кіруючыся п. 3.1 b) Кіраўніцтва аб вызначэнні паняцця “палітычны зняволены”, прынятым на ІІІ Беларускім праваабарончым форуме, мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, заяўляем аб прызнанні Андрэя Чапюка палітычным зняволеным і патрабуем:

Неадкладна вызваліць з-пад варты валанцёра ПЦ “Вясна” Андрэя Чапюка і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да яго;
Спыніць усялякія спробы ціску і пераследу ў дачыненні да сябраў ПЦ “Вясна” і ўсіх беларускіх праваабаронцаў;
Неўхільна выконваць свае міжнароныя абавязальніцтвы па забеспячэнні гарантый ажыцяўлення праваабарончай дзейнасці ў краіне.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт";

Простае таварыства "Ініцыятыва FORB";

РГА "Прававая ініцыятыва”;

ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў";

Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман Канстанта”;

Беларускі Дакументацыйны цэнтр;

Беларускі ПЭН-цэнтр;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Ініцыятыўная група «Ідэнтычнасць і права».

яс/ПЦ "Вясна"