Вялізная чарга пакупнікоў не расходзіцца ля крамы «Першая кветкавая», гаспадара якой, Максіма Харошына, днём затрымалі і жорстка збілі. Бо ён раздаваў кветкі пратэстуючым.
Агульная карціна ў Мінску і іншых вялікіх гарадах Беларусі цяпер вельмі нагадвае тое, што мы бачылі ў першыя дні жніўня.
Ланцугі салідарнасці зноў стаяць на Каменнай Горцы, у Малінаўцы, у Серабранцы, ля БДУ, ля Акадэміі Навук, у Зялёным Лузе і ва Уруччы, у Шабанах і ля метро Аўтазаводская, у Сухараве і Пушкінскай, у Брылевічах.
Але ёсць і адрозненне, цяпер сілавікі ўжо не саромеючыся б’юць не толькі мужчын, але і жанчын, дзяцей і нават пенсіянераў. Не могуць выдумаць нічога іншага, самі баяцца і спрабуюць запужаць іншых.
А пратэст супрацьстаіць крэатывам, цярпеннем і ўпэўненасцю, што перамога будзе. Тым часам, з пачатку жніўня былі затрыманыя больш за 14 тысяч чалавек.
Спецыяльна для Беларускай службы Польскага радыё, Анатоль Шырвель, Мінск.