Суд адмовіў у задавальненні скаргі выбарцамі 51-й акругі Гродна на рашэнне Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў, які не задаволіў іх патрабавання аб правядзенні сходу з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Ліліяй Кір’як.
Выбаршчыкі 51-й акругі Гродна ў канцы жніўня сабралі неабходную колькасць подпісаў на тое, каб Гарадскі Савет арганізаваў ім сустрэчу са сваім дэпутатам.
Дэпутат ніякім чынам не адрэагавала на затрыманне і насілле над мірнымі пратэстоўцамі пасля выбараў. Аднак гарадскі Савет палічыў, што такая сустрэча немэтазгодная, паколькі дэпутацкія паўнамоцтвы не даюць права на ўмяшальніцтва ў дзейнасць праваахоўных органаў.
У судовым паседжанні прысутнічалі дзясяткі выбарцаў, аднак суд адмовіў ім у задавальненні скаргі. Юрыст Дзмітры Салаш, які быў адным з арганізатараў сходу лічыць, што ў суда былі ўсе падставы, каб задаволіць скаргу. «Мы ж на гэтым сходзе не адклікалі дэпутата, а хацелі пачуць, як яна ацэньвае сітуацыю ў краіне».
Юрыст Салаш кажа, што выбарцы ўсё ж намераны дабівацца сустрэчы з дэпутатам і такія магчымасці ёсць.
Алесь ЗАВІНОЎСКІ