Польскія дыпламаты і дзеячы Саюзу палякаў наведваюць сёння польскія магілы і каталіцкія могілкі ў Беларусі. Гэта традыцыйнае мерапрыемства, якое ладзіцца дзеля захавання еднасці паміж Польшчай і палякамі ў Беларусі, а таксама дзеля захавання памяці аб продках. На Кальварыйскіх могілках у Мінску знічы запаляць разам мясцовыя палякі і польскія дыпламаты.
Charge d'affaires пасольства Польшчы ў Мінску Марцін Вайцяхоўскі сказаў карэспандэнту Польскага радыё, што гэта традыцыйная ўрачыстасць. «Мы кожны год наведваем польскія магілы на гэтых могілках, якія часам называюць могілкамі польскай шляхты. Запальваем свечкі, кладзем кветкі і молімся. Сёлета ў малітве прыме ўдзел біскуп Юры Касабудскі, які на дадзены момант кіруе каталіцкім касцёлам у Беларусі», – дадаў Вайцяхоўскі.
Учора прадстаўнікі Саюзу палякаў у Беларусі наведалі польскія магілы між іншым у Наваградку ды Шчучыне. Сёння лампадкі загарацца таксама на каталіцкіх могілках у Гродне.
ПР/нг