Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Сілавікі зладзілі сапраўдны тэрор у Мінску

02.11.2020 11:34
Нядзельны марш “Дзяды супраць тэрору” завяршыўся жорсткім разгонам пратэстоўцаў з боку міліцыі.
Здымак мае ілюстрацыйны характарEPA/STR Dostawca: PAP/EPA.

Было затрымана больш за 300 чалавек, кажа Сяржук Сыс з праваабарончага цэнтру “Вясна”.

- Учора адбыліся брутальны я затрыманні, абсалютна неадэкватныя. Такога ніхто не чакаў. Па нашых звестках, затрымана больш за 330 чалавек. Адразу сёння пачалі і судзіць. Характэрна, што некалькі чалавек трапілі ў лякарню: моцна збітыя, параненыя гумовымі кулямі.

Учарашняе шэсце накіроўвалася ў Курапаты – месца памяці Беларусаў. Там у сталінскія часы НКВД расстраляў тысячы мірных жыхароў Беларусі.

Падчас шэсця моцна пацярпела прэса. Міліцыянеры затрымлівалі ды збівалі карэспандэнтаў незалежных выданняў.

Быў збіты пры затрыманні фатограф «Новага часу» Дзмітрый Дзмітрыеў, які здымаў Марш 1 лістапада. Сёння яму прысудзілі 10 сутак арышту. Моцна пацярпеў аператар «Белсату» Дзмітры Солтан. БАЖ паведамляе, што яго білі пры затрыманні, білі ў аўтазаку, потым білі камерай па галаве. Камеру разбілі.

Міліцыя спецыяльна палюе на журналістаў, кажа прэсавы сакратар Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.

- Цяпер апранаць сінія камізэлькі прэса на акцыі пратэсту - гэта верная прыкмета затрымання. Міліцыянеры палююць на журналістаў. На гэты момант 6 нашых калег працягваюць знаходзіцца за кратамі.

Некаторых журналістаў за апошні месяц затрымлівалі па некалькі разоў. Так Дзмітрыева затрымалі ўжо трэці раз.

юл