У Свіслачы, куды штогод на Дзяды з’язджаліся людзі з самых розных гарадоў Беларусі, каб ушанаваць памяць паўстанцаў Каліноўскага, і сёлета дагледжаныя помнікі, прыбраныя месцы пахаванняў, усюды ляжаць свежыя кветкі і запаленыя знічы.
На працягу больш чым 20 год у Свіслач, дзе знаходзіцца адзіны ў Беларусі помнік Кастусю Каліноўскаму на Дзяды з’язджаліся аўтобусамі людзі з Гродна, Мінска, іншых гарадоў Беларусі.
Праграма штогод паўтаралася: наведвалі магілу брата Кастуся Каліноўскага – Віктара, ускладалі кветкі да помнікаў Кастусю Каліноўскаму і Рамуальду Траўгуту ў Свіслачы.
Затым ехалі ў Якушоўку на сядзібу Каліноўскіх. А яшчэ праз праз некалькі дзён дзясяткі людзей выклікалі ў Свіслацкі суд і штрафавалі за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. І так кожны год.
Максім Губарэвіч з Гродна распавёў, што сёлета быў у Свіслачы адзін, але пабачыў, што да помнікаў нашых герояў прыходзяць людзі, ляжаць кветкі і гараць знічы.
«Напэўна першы раз за ўсю гісторыю, калі не ўдалося адзначыць усё арганізавана, бо такія драматычныя падзеі зараз адбываюцца. Але там было такое пачуццё, што паўтараецца гісторыя з часоў Каліноўскага. Толькі цяпер у ХХІ стагоддзі».
Алесь ЗАВІНОЎСКІ