Гродзенскія мастакі разам з мінскімі калегамі падарылі Гродзенскаму дзіцячаму хоспісу свае карціны, каб адкрыць у ім уласную галерэю.
Мерапрыемства ладзілася ў паліятыўным цэнтры дзіцяга хоспіса, які знаходзіцца ў памяшканнях праваслаўнай царквы прыхода Серафіма Жыровіцкага.
Куратар праекта Ірына Варкулевіч, прадстаўляючы падараныя карціны заўважыла, што мастакі імкнуліся яшчэ раз сказаць дзецям з інваліднасцю, што яны не адныя.
Менавіта з гэтага падарунка і пачнецца фарміраванне ўласнай галерэі хоспіса. У межах праекта «Хвалі дабрыні» гродзенскія мастакі правялі тры сумесныя пленэры і карціны дзяцей з інваліднасцю былі прададзеныя на аўкцыне. На выручаныя грошы хоспіс закупляў неабходнае медыцынскае абсталяванне.
А вось што сказала Тацяна Тодрык, маці аднаго хлопчыка-інваліда. «Для мяне і для іншых маці, якія знаходзяцца пад апекай хоспіса, гэта было праяўленнем творчасці нашых дзетак».
Настаяцель царквы Серафіма Жыровіцкага айцец Іаан заўважыў, што мастакі зрабілі добрую справу, бо прыцягваючы дзяцей да творчасці, яны адкрываюць перад імі нязведанае.
Алесь ЗАВІНОЎСКІ